Пра нас

 

Гісторыя раённай  дзіцячай  бібліятэкі:

        Гісторыя раённай  дзіцячай  бібліятэкі  пачалася  ў  лістападзе  1952 года,  калі  на  аснове  рашэння Маладзечанскага   аблвыканкама  ў Ашмянах  пачала  працаваць дзіцячая  бібліятэчная  ўстанова. Знаходзілася яна па  вуліцы Савецкай,  побач  з  будынкам,   дзе  цяпер  размешчаны магазін  «1000 мелочей».   Для  бібліятэкі  быў  выдзелены  драўляны  будынак   агульнай   плошчай  40 кв. метраў. Калектыў   бібліятэкі   складаўся з  двух   чалавек: загадчыцы Папковай  Ганны Навумаўны, выпускніцы  Магілёўскага  бібліятэчнага  тэхнікума,  і  бібліятэкара  Шумскай  Варвары   Нікіфараўны.  Яны правялі  значную  арганізацыйную  работу   па   папаўненню  кніжнага  фонду і за  два  месяцы  1952 года набылі  за  бюджэтныя  сродкі  700 экз. кніг. Грошы  на  набыццё   літаратуры  выдзяліў   дрожджзавод  і  прамкамбінат, значную  колькасць  кніг  прынеслі  і самі жыхары  горада.
         2  студзеня  1953 года  адбылося  ўрачыстае  адкрыццё  дзіцячай  бібліятэкі. У  першы  дзень  яе  наведалі  каля  ста   юных  чытачоў,  сярод  якіх  былі  Ядзя Шатроўская, Галя   Ермаловіч,  Марат  Каваленка  і  інш.
         Па  ўспамінах Ганны  Навумаўны  Папковай,  працаваць  у  першыя  гады  было  цяжка,  але  цікава.  Дзеці  імкнуліся  да  ведаў, са  школы  беглі  ў  бібліятэку, каб  пачытаць  цікавую  кнігу. Юныя  чытачы  мелі  магчымасць   даведацца  пра жыццё   сваіх  аднагодкаў  з  газет   і  часопісаў.    Сродкі  на  перыядычныя  выданні  выдзяляла  дзяржава.  Бібліятэка  ў  той  час    выпісвала    3  газеты  і 7  часопісаў. Супрацоўнікі    бібліятэкі   прыклалі  шмат  намаганняў  для  таго,  каб  дзіцячая   бібліятэка  стала  скарбонкай   ведаў  для   чытачоў.
       Гісторыя  бібліятэкі – гэта яе  людзі.  Раённай  дзіцячай  бібліятэцы   ў  гэтым     пашанцавала.  Тут  заўсёды  працавалі  сумленныя,   адказныя,  таленавітыя  супрацоўнікі,  якія  аддана  любілі   сваю   прафесію  і  работу  з  дзецьмі. Сярод  іх –  Сяляўка  Марыя  Ціханаўна. Прафесія  бібліятэкара стала для яе  прызваннем.  Яе   творчая   праца  ў  дзіцячай   бібліятэцы  з 1956   па  1960  гады  ўнесла значны  ўклад  у   якаснае    абслугоўванне  і  выхаванне  маленькіх  чытачоў.
У 1960 годзе  ў   дзіцячую бібліятэку  прыйшла  працаваць Лаўрэцкая  Лізавета  Калістратаўна  (1960 – 1971), выпускніца Магілёўскага  бібліятэчнага  тэхнікума.  Яе  добразычлівасць, любоў  і  павага  да  чытачоў  выклікалі ўзаемныя  пачуцці  ў  дзяцей.  Для  іх  яна  была  і  аўтарытэтнай   дарадчыцай  і  верным  сябрам.
         У  гэты  перыяд  у  бібліятэцы  значна папоўніўся  кніжны  фонд. Так, у 1960  годзе   ён    склаў  звыш 16 тыс. экз.,  а  ў 1966  годзе  звыш 18 тыс. экз.  Былі  створаны   алфавітны  і  сістэматычны  каталогі.
        У  1965  годзе  раённая  дзіцячая  бібліятэка   пераведзена ў  будынак  раённай  бібліятэкі,  дзе  былі  больш  спрыяльныя  ўмовы  для  работы  з чытачамі.   Як  сведчаць  фотаздымкі  і  публікацыі  ў  раённай  газеце, успаміны  чытачоў, у  гэты  час  бібліятэкай   праводзяцца  цікавыя  масавыя  мерапрыемствы: чытацкія  канферэнцыі,  сустрэчы  з  мясцовымі  пісьменнікамі,  вусныя  часопісы.  Пры  бібліятэцы  у гэты час з  творчага  чытацкага актыву  ствараецца   лялечны   тэатр.
        З   1963  па 1967   гады   загадчыцай   бібліятэкі   працавала  Фядотава Тамара Яўгенаўна, выпускніца  Мінскага  бібліятэчнага  тэхнікума. У 1967 –  1972 гадах –  Полазева  Наталля  Канстанцінаўна. Пры  ёй  бібліятэка  стала  сапраўдным   метадычным  цэнтрам  па  рабоце  з  дзіцячым   чытачом  для  сельскіх  бібліятэк.
 

       У 1967  годзе  чытачоў-дзяцей  да  15 гадоў  было  1164. Насельніцтва  горада  расло, адкрылася  новая  сярэдняя  школа №3,  і    райвыканкам  выносіць  рашэнне  аб  адкрыцці  гарадской  дзіцячай бібліятэкі, у якой сталі працаваць Клінцэвіч Аляксандра Сяргееўна і Мажэрына Аляксандра Уладзіміраўна. У раённай дзіцячай  бібліятэцы  застаўся   штат работнікаў  з трох  чалавек.
        З 1972  года раённую  дзіцячую  бібліятэку  ўзначаліла Каско Антаніна Рыгораўна, спецыяліст з вышэйшай  адукацыяй,  вопытны работнік, здольны арганізатар.
        У 1976 годзе бібліятэкі раёна аб’ядналіся ў  раённую  цэнтралізаваную  бібліятэчную  сістэму  (РЦБС).   У  гэтым  жа  годзе  раённую  і  гарадскую    дзіцячыя     бібліятэкі  пераводзяць  у  адно  памяшканне  па    адрасе:  вуліца   Савецкая, 80,  дзе  раённая  дзіцячая  бібліятэка  знаходзіцца  і   па сённяшні  дзень. У  гэты  час  у бібліятэку  набываюцца  тэлевізар, дыяпраектар  і   іншыя  візуальныя  сродкі. У  чытальнай  зале  праводзяцца  цікавыя,  змястоўныя  масавыя  мерапрыемствы  і  бібліятэчныя   ўрокі.  Значная  ўвага    надаецца   патрыятычнаму  выхаванню.  
      У 1981  годзе  А.  Р.  Каско  назначаецца  дырэктарам Ашмянскай  РЦБС.   Загадчыкам  раённай  дзіцячай  бібліятэкі  становіцца   Шляхціч  Любоў  Міхайлаўна, дасведчаны, патрабавальны спецыяліст.
       Якаснае  абслугоўванне  чытачоў,  эстэтычнае  афармленне  інтэр’еру  бібліятэкі  садзейнічалі  росту  колькасці   наведвальнікаў.
        У гэты перыяд бібліятэка  стала  сапраўдным  дзіцячым   культурным  цэнтрам  для  юных  чытачоў,  ля  кніжных паліц праводзяцца  цікавыя дыспуты, арганізоўваюцца  кніжныя 
выстаўкі. Значна   абнаўляецца  кніжны  фонд. 
       З 1986 года  загадчыкам  бібліятэкі   12 гадоў працавала Лапцева  Ала  Мікалаеўна,  высокапрафесійны бібліятэчны  спецыяліст  з  вышэйшай бібліятэчнай  адукацыяй.  Падчас яе  работы   значна  павысіўся   аўтарытэт    бібліятэкі,  як   у  горадзе,  так і  ў  раёне.  Праведзена рэканструкцыя будынка бібліятэкі, падключана  цэнтральнае ацяпленне.
        У снежні 1993 года  згодна з  рашэннем Ашмянскага  райвыканкама  дзве  дзіцячыя  бібліятэкі (раённая  і гарадскі філіял №2) аб’ядноўваюцца ў адну – раённую дзіцячую  бібліятэку і  атрымліваюць  статус –  Ашмянская  раённая   дзіцячая    бібліятэка.
         З 1998 па 2009  гады   калектыў дзіцячай   бібліятэкі  ўзначальвала    Кур’янчык  Паліна  Міхайлаўна,  спецыяліст  з   вышэйшай  адукацыяй.  Чалавек  ініцыятыўны, творчы, энергічны, Паліна  Міхайлаўна     арганізавала  актыўнае  абслугоўванне   дзіцячых    садкоў,   летніх  лагераў  адпачынку.

У  гэты  перыяд  адзначаецца  цесная  сувязь    са   школамі  горада,  сацыяльнымі  педагогамі, псіхолагамі,  школьнымі  бібліятэкарамі.
 Наладжана  работа  камерцыйнага  і  абменнага   фонду,    бібліятэка  адметна  змяніла  свой   унутранны    воблік.  На   абанеменце  з’явіўся   маляўнічы  “экалагічны  гарадок”.
         З  2004 года  пры  дзіцячай бібліятэцы  пачынае  работу  клуб “Расінка” экалагічнага накірунку, дэвіз якога “Жыць у гармоніі з прыродай” адлюстроўвае дзейнасць аб’яднання.
         У 2006 годзе  пачалі функцыянаваць  тэатр “Батлейка”  і тэатр  на  фланэлеграфе,  на аснове якіх у 2007 годзе   было   створана  аматарскае  аб’яднанне  “Лялечны   карагод”.

5

          У 2005  годзе  дзіцячая  бібліятэка  атрымала  свой  першы  камп’ютар, што дало  магчымасць пашырыць формы  абслугоўвання чытачоў. У бібліятэцы былі створаны інфармацыйна-адукацыйны і  мультымедыйны  цэнтры. Асновай стварэння цэнтраў стала фарміраванне фонду дакументаў,  як  на  звычайных    так  і  электронных    носьбітах. Сфарміравалася змястоўная медыятэка, якая на 1.01.2010 года ўжо налічвала 97 электронных  дакументаў   на CD  і  DVD-дысках.

6

       Дзякуючы камп’ютарам дзіцячая  бібліятэка атрымала магчымасць     займацца выдавецкай дзейнасцю. З 2007 года былі  выдадзены шматлікія    буклеты:  “Ашмянская  раённая  дзіцячая   бібліятэка”,   эка-выпускі  клуба “Расінка”  па  порах  года “Зіма”, “Вясна”, Лета”, “Восень”, «Путеводитель по электронным ресурсам»  і  іншыя.  Укараненне  новых  тэхналогій  таксама  дазволіла пашырыць магчымасць арганізацыі культурна-пазнавальных мерапрыемстваў.
          Ашмянская раённая  дзіцячая  бібліятэка ў 2008 годзе прыняла  ўдзел  у  рэспубліканскім  конкурсе “Бібліятэка – асяродак  нацыянальнай  культуры”  і  была    адзначана  заахвочвальнай грашовай  прэміяй. На  гэтыя  сродкі  быў  набыты   шматфункцыянальны   апарат.    У   гэтым  жа  годзе  бібліятэка   падключылася  да  сеткі  Інтэрнэт,  што дало  больш   магчымасцяў  для пошуку  інфармацыі, карыстання   электроннымі  энцыклапедыямі, рэсурсамі  разнастайных   парталаў  і,  наогул,   да  самаадукацыі.
       З 2009 па 2012 год дзіцячую  бібліятэку  ўзначальвала  Александровіч  Валянціна Станіславаўна, творчы, крэатыўны кіраўнік. З  гэтага  часу   больш актуальнай становіцца экалагічная накіраванасць дзейнасці бібліятэкі: асобна выдзелены фонд экалагічнай літаратуры, аформлены разгорнутыя кніжныя выставы, пачала працаваць “экалагічная пошта”, дзе любы жадаючы мог задаць пытанне, або пакінуць сваё выказванне па праблемах навакольнага асяроддзя. Павялічылася і колькасць чытачоў, з гэтага часу паслугамі  бібліятэкі  штогод карыстаецца  каля 4 тысяч наведвальнікаў. Актывізавалася масавая работа, асабліва дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў. Пашырыўся рэпертуар клуба “Лялечны карагод”. Заўсёды на “ура!” успрымаюцца юнымі наведвальнікамі лялечныя спектаклі:  «Снежный колобок», «Как лесныя жители захотели стать читателями», “Лёгкі хлеб”, “Казка пра кніжку і камп’ютарную мышку”, «Теремок на новый лад», казкі на фланэлеграфе “Пых”, «Каша из топора», «Кот и лиса» і інш.
 У 2012 годзе  раённай дзіцячай бібліятэкай пачала кіраваць  Свірская Марыя Вікенцьеўна,  малады, ініцыятыўны кіраўнік.  Яна прыклала шмат намаганняў  для  набыцця  новага  абсталявання  ў  бібліятэку, афармлення
інтэр’еру.  На абанеменце з’явіўся  маляўнічы дзіцячы куток, які адразу прыйшоўся даспадобы маленькім наведвальнікам. Тут можна пагуляць, пасядзець на мяккіх “крэслах-мяшках”, пазабаўляцца ў “сухім басейне” з шарыкамі, перагарнуць старонкі любімых кніг і часопісаў, сфатаграфавацца на фоне любімых казачных герояў  Калабка, Беласнежкі і яе сяброў гномаў.         
З 2015 года загадчыкам бібліятэкі працуе Гардзей Гелена Францаўна, якая ўмее аб’яднаць калектыў і стварыць творчую атмасферу для плённай працы.
На 31.12.2015 года бібліятэка абслугоўвала 3954 чытачы, кнігавыдача склала 70073 экз., колькасць наведванняў 24913.
РДБ неаднойчы была аб’ектам  правядзення бібліятэчных абласных і раённых семінараў. У апошні час  (снежань 2015 года) яе наведалі удзельнікі абласнога семінара  –  дырэктары раённых бібліятэк Гродзенскай вобласці  і галоўныя спецыялісты абласной бібліятэкі і Упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Дзіцячая  бібліятэка   неаднаразова з’яўлялася  пераможцам  раённых  конкурсаў, а яе супрацоўнікі ўзнагароджваліся Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі.
  Аўтарытэт бібліятэкі ў многім залежыць ад прафесіяналізму, мэтанакіраванасці і працаздольнасці ўсяго калектыву супрацоўнікаў; на сённяшні дзень бібліятэкарамі працуюць:  Абашкіна Яніна Францаўна, Свірская Марыя Вікенцьеўна, Красоўская Святлана Тадэвушаўна, Ковель Кацярына Славаміраўна, Пляшкова Вольга Мікалаеўна.
У розныя часы тут працавалі: Новікава Ганна Андрэеўна, Міхайлава Лілія Іванаўна, Шчулькіна Вольга Васільеўна, Рыбакова Людміла Савельеўна, Харытон Людміла Вацлаваўна, Сцефаноўская Валянціна Андрэеўна, Белаблоцкая Тэрэса Баляславаўна, Гарлуковіч Вера Яўгенаўна, Купко Людміла Міхайлаўна, Дашчынская Станіслава Іосіфаўна,  Садоўская Наталля  Віктараўна, Кавецкая Святлана Генрыхаўна, Абашкіна Кацярына Генадзьеўна, Баркоўская Ірына Канстанцінаўна, Чудзілоўская Марыя Паўлаўна, Нагель Алена Пятроўна і іншыя.
         У сценах бібліятэкі кожны наведвальнік заўсёды знаходзіць сабе занятак па душы, а бібліятэкары прыкладаюць максімум намаганняў, каб бібліятэчная ўстанова і надалей заставалася цэнтрам інфармацыі, месцам самаадукацыі і адпачынку.